ГНУ "ОИЭЯИ-Сосны" НАН Беларуси

Аддзел радыяцыйнай бяспекі

ПЛЯШЧАНКАЎ Ігар Генадзевіч

E-mail: lab61orb@sosny.bas-net.by.< /p>

Тэл.: +375 (17) 374-13-86

Факс: +375 (17) 374-83-35

Гісторыя стварэння:

Аддзел радыяцыйнай бяспекі інстытута вядзе свой пачатак з утварэння Інстытута ядзернай энергетыкі АН БССР – са службы радыяцыйнай бяспекі на даследчым атамным рэактары ІРТ-2000. У сучасным выглядзе ўтвораны ў 2002 годзе. За сваю гісторыю супрацоўнікі АРБ прымалі непасрэдны ўдзел у забеспячэнні радыяцыйнай бяспекі пры эксплуатацыі ўстановак інстытута і працах з крыніцамі іянізавальнага выпраменьвання. Удзельнічалі ў рабоце даследчага атамнага рэактара ІРТ, стэндавага корпуса, радыёхімічнай лабараторыі з “гарачымі камерамі і боксамі”, перасовачнай атамнай электрастанцыі “Памір-630Д”. З першых дзён аварыі на ЧАЭС супрацоўнікі АРБ бралі ўдзел у працах па яе ліквідацыі. У 2010–2012 гадах супрацоўнікі ўдзельнічалі ў праграме па вывазе адпрацаванага ядзернага паліва і абмене высокаўзбагачанага неапрамененага ядзернага паліва.

Асноўныя напрамкі дзейнасці:

Асноўнай задачай аддзела з’яўляюцца кантроль за выкананнем правіл, норм і патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі і ажыццяўленне радыяцыйнага кантролю пры правядзенні любых відаў работ з крыніцамі іянізавальнага выпраменьвання, ядзернымі матэрыяламі і радыеактыўнымі адходамі.
Захаванне радыяцыйнай бяспекі пры эксплуатацыі ўстановак інстытута і працах з ІІІ з’яўляецца прыярытэтным. З гэтай мэтай вядзецца пастаянны кантроль за радыяцыйнай абстаноўкай на асобных устаноўках, у памяшканнях і на тэрыторыі інстытута, а таксама на тэрыторыі санітарна-ахоўнай зоны (СЗЗ) і зоны назірання (ЗН).

Стан радыяцыйнага становішча на аб’ектах кантралюецца правядзеннем:

– індывідуальнага дазіметрычнага кантролю персаналу;
– адбору пробаў паветра з працоўных памяшканняў радыяцыйных аб’ектаў;
– кантролю гама- і нейтронных палёў;
– кантролю забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі скурных пакроваў, спецадзення, абутку, сродкаў індывідуальнай абароны персаналу, працоўных паверхняў абсталявання і памяшканняў;
– кантролю выкідаў і скідаў радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе;
– адбору пробаў навакольнага асяроддзя на тэрыторыі інстытута, СЗЗ і ЗН.

Радыяцыйны кантроль ажыццяўляецца з дапамогай:

– стацыянарных блокаў, прылад, установак і сістэм радыяцыйнага кантролю;
– пераносных і носных прыбораў радыяцыйнага кантролю.

Аддзел радыяцыйнай бяспекі акрэдытаваны на адпаведнасць патрабаванням СТБ ІСО/МЭК 17025-2007 у Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь у кастрычніку 2013 г. (атэстат акрэдытацыі № BY/112 02.1.0.1737 ад 25.2.1)

Вобласць акрэдытацыі ўключае наступныя вымярэнні:

– індывідуальная эквівалентная доза знешняга апрамянення персаналу;
– актыўнасць і ўдзельная актыўнасць радыенукліду Cs-137, інкарпараванага ў целе чалавека;
– аб’ёмная (удзельная) актыўнасць радыенукліду Cs-137 у вадзе (грунтавай, пітной, павярхоўнай, сцёкавай), харчовых прадуктах, сельскагаспадарчай сыравіне і кармах, прадукцыі лясной гаспадаркі, лекава-тэхнічнай сыравіне, торфе і прадукцыі на аснове торфу, глебе, грунце;
– магутнасць дозы рэнтгенаўскага, гама-і нейтроннага выпраменьвання, шчыльнасць патоку альфа-, бэта-часціц у навакольным асяроддзі.

Для забеспячэння якаснага правядзення іспытаў у аддзеле выкарыстоўваюцца наступныя рэсурсы:

• кваліфікаваны персанал, кампетэнтны ў пытаннях арганізацыі і правядзення выпрабаванняў, які мае адпаведную адукацыю, прафесійную падрыхтоўку, тэхнічныя веды і вопыт;
• сродкі вымярэння і выпрабавальнае абсталяванне, неабходныя для правядзення іспытаў у адпаведнасці з вобласцю акрэдытацыі;
• арганізацыйная структура, якая забяспечвае правядзенне выпрабаванняў, дакладнае размеркаванне адказнасці і паўнамоцтваў паміж персаналам;
• методыкі выканання вымярэнняў, якія адпавядаюць патрабаванням заканадаўства аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў;
• комплекс вытворчых памяшканняў для правядзення выпрабаванняў.