МІЖНАРОДНЫЯ НАВУКОВА-ТЭХНІЧНЫЯ СУВЯЗІ
У АІЭЯД – Сосны праводзіцца вялікая работа па выкананні Рэспублікай Беларусь Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, Канвенцыі аб фізічнай абароне ядзерных матэрыялаў і Пагаднення аб гарантыях МАГАТЭ аб непераключэнні ядзерных матэрыялаў з мірнай на ваенную дзейнасць. У прыватнасці, урадам Беларусі сумесна з МАГАТЭ на базе інстытута праводзіліся навучальныя курсы па неразбуральных метадах кантролю ядзерных матэрыялаў, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі краін СНД, Балтыкі і Цэнтральнай Еўропы (27.09.2004-18.03.2005 гг і 19.09.2005-24.03.20 гг).
У рамках міжнароднага супрацоўніцтва ў інстытуце праводзяцца работы па праектах Міжнароднага навукова-тэхнічнага цэнтра (МНТЦ), кантрактах з МАГАТЭ, вядучымі навуковымі цэнтрамі Заходняй Еўропы і ЗША, а таксама па дагаворах аб супрацоўніцтве з інстытутамі Польшчы, Японіі і Германіі. Вядуцца сумесныя работы з вядучымі навуковымі цэнтрамі Расіі. На працягу шэрагу гадоў вучоныя інстытута праводзяць эксперыментальныя даследаванні ў Аб’яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў (г. Дубна, Расія) па развіццю гібрыдных энергетычных сістэм, заснаваных на выкарыстанні паскаральнікаў пратонаў высокіх энергій, па тэорыі ядзерных рэакцый для прадказання новых фізічных эфектаў для дзеючых паскаральнікаў элементарных часціц (ЦЕРН, Швейцарыя) і тых, што будуюцца, а таксама ў рамках Міжнароднага праекта “Энергія плюс трансмутацыя” з удзелам вучоных з 25 краін; сумесныя даследаванні ў галіне ядзернай медыцыны па тэрапіі анкалагічных захворванняў з выкарыстаннем пратонаў і нейтронаў.
Трэба адзначыць і работы ў галіне найноўшых тэхналогій вытворчасці энергіі, напрацоўкі трыція і трансмутацыі радыётаксічных элементаў ядзернага паліўнага цыкла, заснаваных на сінтэзе высокаэнергетычных рэакцый расшчаплення і дзялення атамных ядраў; фізікі рэактараў і падкрытычных сістэм, якія кіруюцца паскаральнікамі часціц высокіх энергій; па стварэнні бібліятэк ядзерных даных у шырокім інтэрвале масавых лікаў і энергій. Гэтыя даследаванні становяцца важнейшымі ў сувязі са стварэннем Міжнароднай навуковай лабараторыі па вывучэнні трансмутацыі сумесна з ядзернымі цэнтрамі Швецыі, Германіі і Іспаніі (пастанова Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ад 13.04.2006 г №196, даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ад 18.03.2006 г 39/540-35).
Па праблемах ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, экалогіі, ацэнкі антрапагеннай рызыкі, прыняцця рашэнняў пры надзвычайных сітуацыях выконваюцца сумесныя праграмы з МАГАТЭ, Інстытутам Г.Шраземана (Бон, Германія), Брукхейвенскай нацыянальнай лабараторыяй (ЗША), Інстытутам бяспечнага развіцця атамнай энергіі (Масква, Расія). Шырокае супрацоўніцтва ажыццяўляецца і ў галінах энергетыкі, энергазберажэння і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі з МАГАТЭ, Карпарацыяй ALSTON (Парыж, Францыя), Электрасіці дэ Франс (Францыя), Расійскім навуковым цэнтрам “Курчатаўскі інстытут”, Аргонскай нацыянальнай лабараторыяй (Чыкага, ЗША) , Сандыеўскімі нацыянальнымі лабараторыямі (Альбукерк, ЗША).